• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • ГПГП
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Вучоныя НАН падрыхтавалі новыя выданні па гісторыі беларускай дзяржаўнасці

17.11.2021

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калектыў Інстытута гісторыі НАН і аддзела навейшай гісторыі Беларусі ў Год народнага адзінства падрыхтаваў новыя выданні, у якіх раскрываюцца асаблівасці нацыянальных форм беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі. Аб гэтым расказаў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
Вялікае навуковае і грамадскае значэнне мае зборнік навуковых артыкулаў "Гістарычны лёс беларускай савецкай дзяржаўнасці (да 100-годдзя абвяшчэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі)". У артыкулах выдання аналізуюцца розныя аспекты рэвалюцыйных падзей 1917-1925 гадоў, станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове, узнімаюцца і раскрываюцца многія дыскусійныя пытанні гісторыі Савецкай Беларусі ў 1919-1991-я гады. Большая частка гістарычных матэрыялаў уводзіцца ў навуковы абарот упершыню.
Асаблівую актуальнасць набывае зборнік навуковых артыкулаў "Назаўжды разам (да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР)". У ім не толькі змешчаны новыя матэрыялы, публікацыі, навуковыя распрацоўкі па самых актуальных для беларускага народа пытаннях з гісторыі палітычных, ваенных, сацыяльна-эканамічных падзей 1919-1941 гадоў, але і даецца аналіз станаўлення нацыянальных дзяржаў Усходняй Еўропы, трагічных момантаў падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1918 года і наступнай гісторыі Заходняй Беларусі, а таксама падзей восені 1939 года, калі адбылося ўз'яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве.
Абодва новыя выданні выйшлі пад рэдакцыяй доктара гістарычных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандра Кавалені ў выдавецтве "Беларуская навука". Кнігі разлічаны на шырокую грамадскасць, гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Яны будуць садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці, фарміраванню гістарычнага светапогляду і патрыятычных пачуццяў у падрастаючага пакалення і ўсяго грамадства краіны.
Вучоныя Акадэміі навук актыўна вядуць мэтанакіраваную навукова-даследчую работу па вывучэнні гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Інстытут гісторыі НАН Беларусі - першая галаўная арганізацыя-выканаўца дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў "Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы" на 2021-2025 гады.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)